Ігар Жук (2.02.1950 – 3.12.2002)

Ігар Жук (2.02.1950 – 3.12.2002)

Жук Ігар нарадзіўся 2 лютага 1950 г. ў Гродне. З дзяцінства захапіўся матэматыкай, і, скончыўшы 8 класаў, паступіў у фізіка-матэматычную школу-інтэрнат пры МГУ, а па заканчэнні – на механіка- матэматычны факультэт МГУ.  Па заканчэнні ў 1972 г. ўніверсітэту працаваў у Менску ў Інстытуце Матэматыкі АН БССР малодшым, а затым старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі алгебрычнай геаметрыі, потым – дацэнтам кафедры вышэйшай алгебры БДУ. У 1979 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Группы преобразований с симплециальной фундаментальной областью” У 1993 г. вярнуўся ў родны горад, які вельмі любіў, казаў, што Парыж – гэта вялікі Гродна. Працаваў выкладчыкам фізіка-матэматычнага ліцэю “Альфа” пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, па сумяшчальніцтве дацэнтам кафедры алгебры, геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі ГрДУ.

І.Жук быў вельмі таленавітым матэматыкам, ён аўтар многіх глыбокіх прыгожых тэарэмаў у адной з самых абстрактных і складаных матэматычных навук – алгебры, ягоныя працы ў галіне алгебры і алгебрычнай геаметрыі вядомыя матэматыкам ва ўсім свеце. У 1983 г. ўдзельнічаў у працы Міжнароднага Матэматычнага кангрэсу ў Варшаве. Але галоўнай справай свайго жыцця лічыў педагагічную працу, вельмі любіў дзяцей і любіў вучыць дзяцей, і вучні адказвалі яму таксама любоўю, для многіх з іх ён застаўся самым любімым і паважаным настаўнікам. Сярод вучняў І.Жука ёсць вельмі вядомыя матэматыкі – прафесіяналы, імёны якіх знаёмыя матэматыкам далёка за межамі нашай краіны, ёсць добрыя настаўнікі, спецыялісты іншых прафесіяў, проста добрыя, разумныя людзі.

Падчас вучобы ў школе Ігар удзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы, быў пераможцам Рэспубліканскіх і Ўсесаюзных алімпіядаў. Пачынаючы з студэнцкіх гадоў удзельнічаў у алімпіядным руху ўжо як настаўнік, працаваў у фіз.-мат. школе пры МГУ, ліцэі пры БДУ, школе юных матэматыкаў у Інстытуце матэматыкі АН БССР, рыхтаваў школьнікаў да ўдзелу ў матэматычных алімпіядах рознага ўзроўню, быў сябрам журы Рэспубліканскай і Ўсесаюзнай алімпіядаў школьнікаў па матэматыцы. Задачы І.Жука былі і на Міжнародных матэматычных алімпіядах. Быў адным з заснавальнікаў і выкладчыкам на працягу больш чым 20 гадоў фізіка- матэматычнай летняй школы ў летніку “Зубраня” на возеры Нарач. Ён – адзін з аўтараў кнігі В.И.Берник, И.К.Жук, О.В.Мельников “Сборник олимпиадных задач по математике”. Артыкулы І.Жука у часопісах для школьнікаў “Квант”, “Фокус”, “Альфа” адлюстроўваюць педагагічны, матэматычны, літаратурны талент аўтара.

Ігар любіў падарожнічаць, добра ведаў гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю. Меў шырокую эрудыцыю, разбіраўся ў мастацтве, літаратуры. Быў ад прыроды добрым чалавекам, вельмі любіў дзяцей, жывёлаў.

Ігар Жук займаўся таксама графікай, пісаў вершы, прозу, імкнуўся выразіць сябе, свае пачуцці, думкі. Галоўнай справай і любоўю ягонага жыцця была матэматыка, і графічныя работы І.Жука - гэта погляд матэматыка на розныя з’явы жыцця, філасофскія і маральныя праблемы, а некаторыя малюнкі чыста матэматычныя.

На жаль, заўчасная смерць не дала яму закончыць многае з задуманага.

Глядзець альбом твораў